Сяргей Ціханоўскі заявіў, што ён змог атрымаць прэмію Магніцкага ў Лондане, бо яму нібыта не паведаміў пра ўзнагароджанне Офіс Святланы Ціханоўскай. Дыпламатычны дарадца лідаркі дэмсіл Дзяніс Кучынскі, які займаўся гэтым пытаннем, расказаў «Люстэрку», што насамрэч адбылося.
Што здарылася?
13 лістапада Сяргей Ціханоўскі ў Instagram-акаўнце «Краіна для жыцця» паскардзіўся, што даведаўся пра прысуджэнне яму прэміі Магніцкага толькі напярэдадні цырымоніі ўзнагароджання з сацсетак. Пааводле яго, праз гэта ён не паспеў атрымаць брытанскую візу, каб асабіста прысутнічаць на ўзнагароджанні ў Лондане. У гэтай сітуацыі ён абвінаваціў Офіс Святланы Ціханоўскай:
— Арганізатары прэміі былі ўпэўненыя, што я ведаю і змагу прысутнічаць. Самі яны са мной не звязваліся, бо памылкова лічылі, што Офіс Святланы Ціханоўскай мне пра гэта паведаміць. Гэта зразумела — ні адзін чалавек у здаровым розуме не можа дапусціць, што магчымая сітуацыя, у якой мне не перададуць такой інфармацыі. Аднак я жалем вымушаны канстатаваць, што атмасферу ў Офісе цяжка назваць здаровай.
Дыпламатычны дарадца лідаркі дэмсіл Дзяніс Кучынскі ў каментары «Люстэрка» выказаў шкадаванне, што Сяргей Ціханоўскі не змог атрымаць візу.
— Ягоны голас як чалавека, які прайшоў праз пекла турмаў, як таго, хто можа расказаць, што значыць сапраўдны лукашэнкаўскі ГУЛАГ, вельмі важны, — адзначыў Кучынскі.
Паводле яго, каманда Офіса пачала займацца пытаннем атрымання брытанскай візы для Ціханоўскага яшчэ некалькі месяцаў таму, аднак канчатковае рашэнне, падаваць дакументы ці не, заставалася за ім.
— Мы камунікавалі наконт неабходнасці зрабіць візу яшчэ з сярэдзіны верасня. Да гэтага міжнародная каманда Офіса ўжо дапамагла яму атрымаць амерыканскую і канадскую візы, а таксама з лагістыкай падчас іншых візітаў, у тым ліку ў Еўрапарламент. Аднак, безумоўна, гэта ягонае рашэнне, як і калі падавацца ці не падавацца на візу, — растлумачыў дыпламатычны дарадца. — Апошні раз я з ім гаварыў пра гэта прыкладна месяц таму, нашая каманда таксама была на сувязі ў той час. Далей Сяргей сам вырашаў, што рабіць, мы не ўмешваліся. Я лічу гэта правільным з павагі і да яго рашэнняў, і маёй невялікай міжнароднай каманды, якая без выходных працуе амаль 24/7.
Кучынскі падкрэсліў, што Офіс з павагай ставіцца да Сяргея Ціханоўскага, яго графіку і аўтаномнасці былога палітвязня ў прыняцці рашэнняў.
Прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна таксама пацвердзіла, што Офіс быў у курсе магчымага ўзнагароджання і загадзя дапамог Ціханоўскаму запісацца на падачу дакументаў.
— Ён запоўніў дакументы, віза была аплачаная, але, на жаль, ён так і не падаўся на здачу біяметрыі, нягледзячы на напаміны з нашага боку. Мы з разуменнем ставімся да складанага графіку Сяргея, аднак у нас няма магчымасці паскорыць атрыманне брытанскай візы, — расказала Красуліна.
Чытайце таксама






